Той хто цікавіцца фальклёрам безумоўна чуў пра цымбаліста-віртуоза з вёскі Івесь (непадалёк возера Шо) на Глыбоччыне - Васіля Радзюша. Але ці шмат хто чуў як ён іграе? Адзін з вядомых відэазапісаў музыкі прысвечаны не цымбалам, а ягоным успаміне пра знакамітага дудара з Асінаўкі - Пятра Бурца. Аднак і сам Васіль Радзюш няменшая знакамітасць свайго часу. Пік актыўнасці прыпаў на 70-ыя і 80-ыя гады. Разам са скрыпачом Бубелем і балалаічнікам Іванам Лявонавічам Крэмісам яны здабывалі шматлікія ўзнагароды на фальклёрных конкурсах Віцебшчыны. Асабліва часта выступалі ў Глыбокім і Віцебску. Спярша шукаў проста інфармацыю, якая дапамагла б больш шырока прадставіць капэлу Васіля Радзюша, але ўчора наткнуўся на скарб. Работніца Івесьскай бібліятэкі Таццяна Місевіч старанна збірала і захоўвала розныя матар'ялы прысвечаныя дзейнасці мясцовых музыкаў. Падзялілася матар'ялам якім ахвотна дзялюся з астатнімі, бо наша агульная спадчына павінны быць у шырокім доступе. Аператар відэазапісаў Фёдар Грынеўскі. Яны былі зробленыя ў Івесі ў 2005 годзе, падчас правядзення Купалля. Вялікую ролю ў захаванні памяці пра музыкаў і вёску адыграла Соф'я Савельеўна Глот з Віцебску. А ейную справу працягвала Лілія Кернажыцкая, дзякуючы якой на "Купаллі Паазер'я", якое адбывалася на беразе возера Шо ў 2012 годзе, пасля доўгага маўчання на Глыбоччыне ізноў загучала беларуская дуда - іграў майстар і дудар Вячаслаў Казак. 1. Васіль Радзюш грае каля сваёй хаты. 2005 год. 2. Скрыпак Бубель апавядае пра капэлу. Музыка памёр праз некалькі дзён пасля запісу. 3. Вясковыя аўтэнтычныя спевы з Івесі. Падказка тым хто цікавіцца краязнаўствам. Ідзіце ў вясковыя бібліятэкі. Калі там працуюць адпаведныя людзі, там могуць быць багатыя крыніцы інфармацыі. У выпадку калі вясковая бібліятэка была зачыненая, то напрацаваныя матар'ялы, на колькі я разумею, пераходзяць у раённую бібліятэку, а ў горшым выпадку прападаюць. #Івесь #Глыбоччына #Глыбоцкікрай #Паддзвінне #зкнігідударыглыбоцкагакраю #цымбалы #капэла #вёска

Теги других блогов: Глыбоччына Івесь Глыбоцкікрай