Нядаўна ўдалося выйсці на сваякоў дудара Пятра Бурца з Асінаўкі на Глыбоччыне, пляменнік якога Аркадзь Бурэц (з Івесі) быў знакамітым цымбалістам і часта замяняў у капэлі з Івесі Васіля Радзюша. Вядзецца перапіска са сваякамі. Удакладняюцца факты.
А днямі ў Глыбоцкі музей патэлефанавала былая настаўніца з Чарневічаў, якая працавала з маімі бацькамі і помніць мяне калі мне было 2-3 гады :) Маіх бацькоў пасля вучобы размеркавалі ў Чарневічы. Дык вось яна сцвярджае, што дудар з трупы Ігната Буйніцкага выводзіўся з вёскі Скрыпшчына (вёска пару км ад Празарок), а пахаваны на старых могілках у Празароках (як я і меркаваў у сваёй кніжцы). Самае цікавае - у Зябках жывуць нашчадкі Адама Шульгі (хутчэй за ўсё ўнукі).
Дарэчы, калі ўкідваю ў аднакласнікі фотаздымкі актораў трупы Ігната Буйніцкага, то праграма аўтаматычна прапануе пазначыць на здымку карыстальнікаў. З цікавасці заходжу ў профіль, а там месца жыхарства Празарокі, Зябкі, Псуя. Можа некалі гэта стане адной з прылад энтографаў і гісторыкаў. Уявіце сабе - генетычнае распазнаванне твару.